ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

навука пра заканамернасці, паходжанне, развіццё псіхікі жывёл і чалавека, пра падабенства і адрозненне ў іх псіхічнай дзейнасці. Фарміраванне П.п. звязана з працамі Ж.​Б.​Ламарка, Ч.Дарвіна, У.​А.​Вагнера. Параўнальна-псіхал. аналіз будуецца на звестках зоапсіхалогіі, псіхалогіі чалавека і накіраваны на выяўленне ў анта- і філагенезе зыходных псіхічных працэсаў жывёл і чалавека і якасных адрозненняў чалавечай псіхікі ад псіхікі жывёл. Асаблівае значэнне мае ўлік сац.-гіст фактараў, якія вызначылі ўзнікненне і развіццё чалавечай свядомасці (прац. дзейнасць, грамадскае жыццё, членараздзельная мова). Даныя П.п. маюць вял. значэнне для вырашэння розных праблем псіхалогіі, філасофіі, антрапалогіі, медыцыны, педагогікі (генет. аснова развіцця дзіцячай псіхікі) і інш. Параўнанне паводзін і псіхікі як неад’емная частка праблематыкі розных дысцыплін, у т. л. эталогіі, сацыябіялогіі, кагнітыўнай эталогіі і антрапалогіі, ператварылася ў міждысцыплінарную галіну.

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)